У краінах, дзе Goethe-Institut ды іншыя міжнародныя культурныя ўстановы мусілі зачыніць свае прадстаўніцтвы з-за войнаў або цэнзуры, многія людзі мастацтва і інтэлектуальнай працы губляюць прасторы для выказвання нязгоды, дыялогу і міжкультурнага абмену. Тым, хто супрацоўнічаў з Goethe-Institut у якасці партнёраў, наведваў моўныя курсы або імпрэзы, якія ладзіў Інстытут, часта самім даводзіцца пакінуць краіну; разбураюцца сувязі, што складаліся дзесяцігоддзямі.
Таму ад імя ўсіх інстытутаў у свеце, дзе культурны абмен на месцы стаў немажлівым, Goethe-Institut у выгнанні будзе ствараць у Берліне мажлівасці для кантактаў і сустрэч, служыць абароненай прасторай і сцэнай для дзяячак і дзеячаў культуры, вымушаных уцякаць з радзімы. Гэта забяспечыць працяг важных дыскусій рэгіянальнага і глабальнага ўзроўню і прыцягненне ўвагі да іх, падтрымае існыя сувязі з нямецкімі і міжнароднымі партнёрамі і дазволіць завязаць новыя. Цяпер з фарматам працы Гётэ-інстытута можна будзе пазнаёміцца проста ў цэнтры Берліна. Размясціўшыся ў берлінскім доме мастацтваў ACUD (чытай: «АКУД»), праграма « Goethe-Institut у выгнанні» стане — першапачаткова на два гады — прамежкавай пляцоўкай для ўзнаўлення асобных напрамкаў дзейнасці Гётэ-Інстытутаў у Афганістане, Сірыі, Беларусі і Украіне.
Праграма засяроджана галоўным чынам на правядзенні перформансаў, кінапаказаў, чытанняў, канцэртаў, а таксама дыскусій, майстар-класаў, партнёрскіх сустрэч і на доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Гэтак людзі культуры, якім стала немагчыма або надзвычай цяжка працаваць на радзіме праз абставіны, небяспечныя для іх жыцця, захаваюць мажлівасць гаварыць уласным голасам.
Першай краінай у фокусе шматэтапнага праекта стала Украіна (фестываль адкрыцця адбыўся ў кастрычніку 2022 года), улетку 2023 года эстафета перайшла да Афганістана, наступнымі будуць Сірыя і Беларусь. Але творцы з іншых краін з неліберальнымі умовамі таксама атрымаюць тут прастору для камунікацыі і прадстаўлення сябе аўдыторыі.
Побач з рэгулярнымі імпрэзамі ў доме мастацтваў ACUD падзеі ў пэўных фарматах будуць праходзіць у іншых месцах у Берліне і па ўсёй Германіі. Больш падрабязнасцей вы зможаце даведацца з нашага
календара падзей.